Беларуская Служба

Ёсць зрухі ў польска-амерыканскім дыялогу па пытанні вызвалення палітвязьняў у Беларусі

30.09.2025 16:02
Пра гэта паведаміў 30 верасня міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі.
-
Польска-амерыканскі дыялог аб вызваленні палітычных зняволеных у Беларусіhttps://x.com/sikorskiradek

Адпаведную публікацыю на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х ён суправадзіў фатаграфіяй перамоў з дэлегацыяй на чале з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстаферам Смітам.

«Можа быць і будзе дасягнута яшчэ больш, — напісаў кіраўнік польскай дыпламатыі. — Кожны крок па амністыі [палітвязняў Аляксандрам Лукашэнкам] быў вынікам намаганняў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і яго высокакваліфікаванай каманды, у тым ліку [намесніка спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Украіне] Джона Коўла і Крыса Сміта».

30 верасня брытанскае выданне Guardian апублікавала размову са спецпрадстаўніком амерыканскага прэзідэнта па пытаннях Украіны Кітам Келагам, які заявіў, што здзелка ЗША з Лукашэнкам у першую чаргу тычылася «забеспячэння каналаў сувязі» з Уладзімірам Пуціным, а не вызвалення палітвязняў.

Прадстаўнік Дональда Трампа падкрэсліў, што вызваленне палітвязняў «з’яўляецца станоўчым момантам», але не было галоўнай мэтай амерыканскага боку.

28 верасня Коўл, рэагуючы ў сацсетцы Х на віншаванне Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), адрасаванае палітвязню, праваабаронцу, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму з нагоды 63-годдзя, напісаў, што «займаецца» пытаннем яго вызвалення. Паводле слоў прадстаўніка ЗША, выхад праваабаронцы на свабоду можа адбыцца «вельмі хутка».

24 верасня кіраўнік НАУ Павел Латушка выказаў меркаванне, што «найбліжэйшымі днямі» можа адбыцца вызваленне абвінавачанага ў Беларусі ў шпіянажы грамадзяніна Польшчы Гжэгажа Гавела і актывіста польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, журналіста Анджэя Пачобута.

Крыніца: Позірк. Навіны пра Беларусь/юл